ДжипСервис+

Гісторыя – настаўніца жыцця

Гісторыі  нашай краіны была прысвечана гульня-віктарына “Падарожжа па Беларусі”, у якой 17 верасня прынялі ўдзел вучні 5 “Б”  класа.

З мэтай замацавання ведаў, атрыманых вучнямі на вучэбных і факультатыўных занятках аб Беларусі, развіцця кемлівасці і дапытлівасці, заахвочвання да вядзення гутаркі на роднай мове вучням былі прапанаваны заданні “Шыфраванае пісьмо”, “Складзі малюнак”, “Перакладчыкі”.

Што я ведаю пра Беларусь?

10 верасня  вучні 5”А” класа  ў чарговы раз правялі беларускамоўны чацвер. У гэты дзень яны з задавальненнем удзельнічалі ў віктарыне “Што я ведаю пра Беларусь? ”

Вучні мелі магчымасць не толькі самастойна адказваць на пытанні, але і  ў час пошуку правільнага адказу папрацаваць у групах, дзе размаўлялі толькі па-беларуску.


Мне пашчасціла тут нарадзіцца…

Цікава і змястоўна вялася гутарка пра архітэктурныя помнікі і запаведныя месцы з  вучнямі 8 “Г” класа ў чацвер 3 верасня. “Мая Магілёўшчына” – так называўся вусны часопіс-падарожжа па гістарычных мясцінах.

Падняўшыся на адноўленую ратушу, можна палюбавацца панарамай горада. Арыгінальны будынак драматычнага тэатра стаў першым у Беларусі, пабудаваным спецыяльна для акцёрскай трупы. 

Сцяжынкамі Купалы і Коласа

7 мая ў беларускамоўны чацвер для вучняў другіх класаў прайшоў вусны часопіс “Янку Купалу і Якубу Коласу прысвячаецца”. Настаўнікі прадставілі асобныя старонкі з жыцця і творчасці пісьменнікаў. Прагучалі творы Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія дзеці вывучалі на пазакласным чытанні і на ўроках. Вучні рабілі малюнкі да асобных твораў. З вялікім захапленнем дзеці ўспаміналі леташняе падарожжа на дачу Янкі Купалы ў Ляўкі. Апошняя старонка часопіса змяшчала гульні і забаўкі. Займальныя заданні гэтай старонкі былі звязаныя з жыццём і творчасцю Янкі Купалы і Якуба Коласа.


Хлеб – усяму галава

Пахне хлебная скарынка

Цёплым ветрыкам, хваінкай,

Летнім дожджыкам грыбным,

Лугам, полем аржаным,

Той асенняй пазалотай

І натхнёнаю работай

А.Дзеружынскі


Мая краіна

Цікавае і пазнавальнае падарожжа па роднай зямлі здзейснілі вучні 1 “Б” класа 23 красавіка. У займальнай гульнявой форме навучэнцы даведаліся аб знакамітых мясцінах роднага краю, выдатных помніках, паспрабавалі знайсці на карце Беларусі наш родны горад Магілёў. Напрыканцы мерапрыемства адказвалі на пытанні віктарыны “Мой беларускі край”

Гэта мерапрыемства дапамагло вучням паказаць і пашырыць свае веды аб нашай краіне.

                     

Сэлфі з кнігай

Сэлфі трывала ўвайшло ў наша жыццё, папулярнасць фотааўтапартрэтаў расце з кожным годам. 11“Б” клас вырашыў у беларускамоўны чацвер сродкамі фатаграфіі стварыць прывабны вобраз чытаючага чалавека. Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Я прачыў – раю табе!”. Усё, што патрэбна было для ўдзелу – гэта сэлфі з любімай кнігай у руках  або на фоне любімай кнігі. На прыкладзе ўдзельнікаў фотаакцыі можна даведацца, наколькі рознымі могуць быць літаратурныя густы. У спіскі самых запатрабаваных  трапілі кнігі розных жанраў, перыядычныя выданні, часопісы для дзяўчат. 

Сімвалы маёй краіны

Кожная дзяржава мае свае сімвалы і эмблемы.

Сімволіка займае ў любой дзяржаве асаблівае месца. Сімвалы перадаюць гістарычную спадчыну чалавецтва, дазваляюць зазірнуць у мінулае і будучыню.  Вучні 11 “А” класа здзейснілі невялікае падарожжа ў сімволіку нашай Радзімы, разгледзелі сучасныя дзяржаўныя сімвалы. Мерапрыемства праходзіла ў пазнавальна-гульнявой форме, што дазваліла вучням лёгка ўспрымаць і засвойваць матэрыял. Дзеці мелі магчымасць не толькі быць гледачамі, але і прымаць актыўны ўдзел у праграме.


З родным словам па жыцці

Беларуская мова мае непараўнальную мілагучнасць, сакавітае гучанне, нацыянальны каларыт.

У гэтым маглі ўпэўніцца вучні 10”Б”  класа, якія сталі ўдзельнікамі інтэлектуальнай гульні  “З родным словам па жыцці”.

Падчас гульні вучням давялося папрацаваць перакладчыкамі і словаведамі, узнавіць па ілюстрацыях фразеалагізмы і патлумачыць іх значэнні, папрактыкавацца ў рашэнні лінгвістычных рэбусаў і  літаратурных крыжаванак. 


Моўныя самацветы

Словы бываюць розныя: вясёлыя і сумныя, маленькія і вялікія. Ёсць словы вельмі важныя: мір, зямля, прырода, праца, свабода, хлеб. Ёсць словы родныя, дарагія: мама, тата, школа, сябар, бабуля, дзядуля, Беларусь.

Пра беларускія словы, знаёмыя і незнаёмыя гаварылі вучні 10 “А” класа 5 сакавіка ў беларускамоўны чацвер. Рабяты даведаліся пра паходжанне некаторых слоў, іх самабытнасць і непаўторнасць, пабылі ў ролі мовазнаўцаў, расказалі пра лексічнае багацце беларускай мовы.

Навигация по страницам сайта
Назад | Вперед
^ Наверх