Незвычайныя помнікі Беларусі

Помнік бабру ў Бабруйску 

Нездарма гэты помнік стаіць менавіта ў Бабруйску. Горад атрымаў назву ад вялікай папуляцыі баброў у рацэ Бярэзіне. Па задуме скульптара Уладзіміра Гаўрыленкі, бронзавы бабёр у сурдуце і капелюшы сімвалізуе сярэднестатыстычнага жыхара Бабруйска. Такі вобраз бабруйчаніна выбралі самі жыхары горада з больш чым 20 прапанаваных ім праектаў беларускіх скульптараў.

 

 

Помнік літары “Ў” у Полацку

Незвычайны помнік у старажытным горадзе нагадвае пра ўнікальную літару, якая сустракаецца толькі ў беларускім алфавіце. Скульптура зроблена ў выглядзе стэлы, на гранях якой нанесены рэльефныя малюнкі літары “ў”. Помнік са скульптурнага пластыліну і гіпсу адначасова з’яўляецца і сонечным гадзіннікам. Аўтарам праекта стаў вядомы беларускі скульптар Аляксандр Фінскі.

 

Помнік астраному ў Магілёве

Бронзавы мужчына ў высокім капелюшы — праца Уладзіміра Жбанава — запрашае жыхароў і гасцей горада часцей глядзець у неба. Скульптура ўнікальная і сваім памерам (кажуць, яе можна ўбачыць нават з космасу) і тым, што выконвае функцыю сонечных гадзін: вакол яе размешчаны 12 крэслаў (у адпаведнасці з 12 знакамі задыяка). На іх, дарэчы, можна пасядзець, памарыць, паразважаць…

 

 

Помнік жабе-падарожніцы ў Гродне

Бронзавая скульптура жабы знаходзіцца ля ўваходу ў інфармацыйна-турыстычны цэнтр на вуліцы Ажэшкі. Невялікую скульптуру жабы на гранітным пастаменце, з компасам на лапцы і клункам за плячыма вырабіў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. Жаба невялікая, але важыць 40 кг. На шапачцы ў яе пазначана літара “i” — агульнапрызнаны сімвал інфармацыйных цэнтраў для турыстаў ва ўсёй Еўропе.

 

Помнік яйку ў Салігорску

Гэты незвычайны беласнежны помнік у выглядзе яйка, агорнутага крыламі птушкі, стаіць перад Салігорскай птушкафабрыкай, вытворцам курыных і перапёлчыных яек. Аўтар помніка — малады мастак Уладзімір Ламейка. Скульптуры, прысвечаныя гэтаму незвычайнаму прадукту харчавання, ёсць яшчэ ў Літве, Харкаве, на Ібіцы…

 

 

Помнік вераб’ю ў Баранавічах

Металічная птушачка важна сядзіць на невысокім паўтараметровым пастаменце. Увекавечыць вераб’я вырашыла рэспубліканская грамадская арганізацыя “Ахова птушак Беларусі”. Пільная ўвага беларусаў да гэтай птушкі невыпадковая. З’яўляючыся адной з самых бліжэйшых птушак-суседак чалавека, хатні верабей адносіцца да так званых “біялагічных індыкатараў”. Па стане папуляцыі гэтага віду можна меркаваць аб змяненнях у навакольным асяроддзі.

 

Помнік паштальёну ў Мінску

Скульптура ля кінатэатра “Кастрычнік” стала адным з самых любімых помнікаў мінчан і гасцей сталіцы. Аднак многія бронзавага мужчыну з “жалезным канём” успрымаюць як помнік не паштальёну, а… веласіпедысту. Праўда, “шэдэўральнасць” працы архітэктара Юрыя Градава, скульптараў Уладзіміра Жбанава і Яўгена Колчава ад гэтага ніяк не змяншаецца.

 

Помнік агурку ў Шклове

Ужо ў XVI стагоддзі шклоўцы валодалі сакрэтамі вырошчвання гэтай гародніны. Штогод у горадзе праводзяць Дзень агурка. А ў канцы ліпеня 2007 года ў раённым цэнтры з’явіўся і помнік агурку. Над ім працаваў магілёўскі скульптар Андрэй Вараб’ёў. Майстар зрабіў агурок у выглядзе вясёлага мужычка ў пінжаку з гальштукам-“бабачкай”. У скульптуры і імя ёсць — Агуродзец.

 

 

Помнік ліхтаршчыку ў Брэсце

Помнік выраблены брэсцкім кавалём Аляксандрам Чумаковым па заказу КУПП “Брестгорсвет”. Яму ўдалося не толькі захаваць стыль эпохі XVIII стагоддзя, але і паказаць пераемнасць пакаленняў. “Разынка” незвычайнага помніка — эканамічная лямпачка, якая дазваляе падаваць яркі свет з найменшымі выдаткамі.

Многія з гэтых помнікаў вы можаце ўбачыць на нашым сайце www.ng.by. Яны выйшлі ў абласны этап галасавання праекта “Сем цудаў Беларусі”. Безумоўна, спіс гэты не канчатковы. Заходзьце на сайт, стаўце свае адзнакі і прапаноўвайце свае аб’екты!

Обсуждение закрыто.