Літаратурна-музычная кампазіцыя “Малюнкі роднага краю””

“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”, — сцвярджаў Алесь Ставер. І сапраўды, пажыўшы на чужыне, з асаблівай пяшчотай глядзіш на родныя мясціны. Але ж можна любіць сваё і ніколі не пабываўшы ў замежных краінах. У Беларусі столькі прыгожых мясцін, што цэлага жыцця будзе мала, каб наведаць іх і наглядзецца.

16 студзеня вучні 8 “Б” класа сталі гасцямі літаратурна-музычнай кампазіцыі “Малюнкі роднага краю”. Дзеці паслухалі вядомыя беларускія песні і мелодыі і здзейснілі віртуальнае падарожжа па мала вядомых экскурсійных маршрутах. Пад чароўныя гукі песень “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…”, “Жураўлі на Палессе ляцяць”, “Хата бацькоў”, мелодыі Міхала Клеафаса Агінскага вучні падарожнічалі па беларускіх балотах на дрызіне, наведалі музей вузкакалейнай тэхнікі, прайшліся  па падвясных мастах над ракой Нарачанка. Уразілі прысутных незвычайнай прыгажосцю дэндрапарк у вёсцы Мосар, а таксама створаны рукамі чалавека вадаспад на рацэ Вята.

У Беларусі яшчэ шмат дзіўных мясцін: возера Каташы з самым чыстым пляжам, які называюць “Беларускімі Мальдзівамі”, мелавыя кар’еры пад Ваўкавыскам, маёнтак Козел-Паклёўскіх у Чырвоным Беразе, які нібыта сышоў са старонак даўняй казкі. Але гэта ўжо будзе наступная экскурсія па родным краі.

Обсуждение закрыто.