Падарожжа “Краіна беларускіх майстроў”

Цяжкім было жыццё нашых продкаў. Небагата жылі, шмат працавалі. Спадзявацца можна было толькі на свой розум ды рукі. Можа, таму і было шмат кемлівых майстроў, якія пакінулі нам такую спадчыну, што сённяшні чалавек толькі дзіву даецца. 

12 снежня вучні 6 “В” і “Г” класаў здзейснілі віртуальнае падарожжа “Краіна беларускіх майстроў”. Найперш дзеці завіталі на Палессе, паглядзелі на будынкі, узведзеныя без адзінага цвіка, падзівіліся на старажытны аналаг лямпы. Наступным пунктам экскурсіі стаў знакаміты Мірскі замак, які захоўвае шмат загадак, над разгадкай якіх б’юцца вучоныя ўжо некалькі стагоддзяў. Тут вучні пачулі пра тое, як у старажытнасці рабілі цэглу. Сцены, зробленыя з такой цэглы, прайшлі выпрабаванне стагоддзямі. Увогуле з глінай на Беларусі здаўна ўмелі і любілі працаваць. Адсюль такое багацце разнастайнага глінянага посуду, багата аздобленага. А завяршылася падарожжа ў аршанскім этнаграфічным музеі “Млын”. Дзеці даведаліся пра сакрэты памолу зерня. Хлеб беларусы заўсёды шанавалі. У кожнай гаспадыні былі свае сакрэты выпякання смачнага хлеба. Не было калісьці ў простага чалавека ні дражджэй, ні цукру, а хлеб атрымліваўся найсмачнейшы.      

Майстравітымі былі колішнія людзі, шмат мелі сакрэтаў. Многае з іх багатай спадчыны страчана, але многае і захоўваецца сённяшнімі аматарамі беларускіх рамёстваў.   

Обсуждение закрыто.